БАРЫ́С УСЕ́ВАЛАДАВІЧ
[каля 1117, Горадзен (Гародня) — пасля 1151],
князь гарадзенскі. Сын кн. Усевалада Давыдавіча і Агаф’і (дачкі Уладзіміра Манамаха). Гарадзенскае княства атрымаў у спадчыну разам з братам кн. Глебам Усеваладавічам. У 1144 удзельнічаў у паходзе кіеўскага кн. Усевалада Ольгавіча на Галіцкага кн. Уладзіміра Валадаравіча. Падтрымаў кн. Ізяслава Мсціславіча ў яго барацьбе з Юрыем Далгарукім за велікакняжацкі прастол. У 1150 разам з Ізяславам хадзіў пад Дарагабуж, у 1151 войска Барыса Усеваладавіча ўдзельнічала ў аблозе Кіева, пасля ўзяцця якога гнала кн. Юрыя да Белгарада. Некаторыя даследчыкі лічаць, што летапісны Горадзен, дзе княжыў Барыс Усеваладавіч, знаходзіўся не ў Панямонні, а на ПнУ Уладзіміра-Валынскай зямлі.
т. 2, с. 326
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)